Аннотации:
Паэтычны зваротак як асаблівы зварот да пэўнага аб’екта ў фальклорнай абрадавай паэзіі мае больш шырокае прызначэнне, чым у паўсядзённых зносінах ці ў паэтычных творах: яго ўжыванне неабавязкова падразумявае наступны дыялог і ў той жа час выконвае яркую экспрэсіўную функцыю. Дадзенае даследаванне мае на мэце вызначэнне асаблівасцей функцыянавання экспрэсіўных форм простых звароткаў для надання выразнасці творам абрадавай паэзіі. Вызначана, што ў эмацыянальна-экспрэсіўнай форме звароткі ўжываюцца часцей, чым у нейтральнай; тэта тлумачыцца спецыфікай фальклорных песенных твораў: акрамя выканання вакатыўнай функцыі, яны перадаюць просьбу, пытанне і адказ на яго, скаргу, зварот па параду, падзяку, параду, павучанне, ужываюцца з мэтай выклікаць эмоцыі і пачуцці - жаласць, тугу, радасць, любоў, ласку, замілаванне і пад. Зваротак у памяншальна-ласкальнай форме можа быць адрасаваны не толькі людзям, але і іншым жывым і нежывым істотам (святу і яго ўдзельнікам, прыродным стыхіям, жывёлам, птушкам, раслінам, міфічным істотам) і здольны не толькі характарызаваць адносіны да адрасата, але і выконваць некаторыя магічныя функцыі: задобрыць, паспагадаць, суцешыць, выказаць прыхільныя адносіны, выклікаць давер і атрымаць у выніку адпаведную рэакцыю субяседніка (апелятыўная функцыя). Акрамя таго, зваротак уплывае на кампазіцыю твора, стварае непаўторныя матывы з пункту гледжання нацыянальных асаблівасцей. Матэрыял даследавання можа быць карысны ўсім, хто цікавіцца беларускай народна-песеннай творчасцю, беларускім словам, дбае пра павышэнне свайго моўнага і культурнага ўзроўню.